Фальклорнае свята “Ураджайны карагод”
29.10.2022З 21 кастрычніка на працягу цэлага тыдня ўдзельнікі клубных фарміраванняў фальклорнага накірунку дзяржаўнай установы “Дзіцячы цэнтр культуры “Расток” г. Маладзечна” ладзілі фальклорнае свята “Ураджайны карагод”. Дзякуючы творчай задумцы і незвычайным арыгінальным героям яно атрымалася вельмі яркім, вясёлым і каларытным.
Сам Спадар Ураджай завітаў да дзяцей у госці. Ён не толькі спадабаўся гледачам сваім гарэзлівым норавам, але і ўразіў усіх прысутных вялізным капелюшом, аздобленым садавінай і гароднінай.
Спадарыню Восень традыцыйна віталі песнямі і вершамі. А вось Непагадзь чыніла ўсялякія выпрабаванні. Яна вырашыла трошкі свята сапсаваць: наслаць на дзяцей холад і сцюжу, дождж і прастуду. Ды гэта ёй не ўдалося. Яна расчулілася ад цудоўных вершаў, песень, абрадаў і жартаў, якія падрыхтавалі маленькія артысты.
Свята, якое пазнаёміла прысутных з восеньскімі відамі працы, завяршылася вясёлым дружным карагодам, падаравала гасцям і ўдзельнікам шмат пазітыўных эмоцый і цудоўны настрой.