Арт-вечарок “Калядны разгуляй”

13.01.2023

Каляды - адно з самых любімых святаў беларусаў, багатае на народныя традыцыі і абрады.
У жыхароў горада Маладзечна была цудоўная магчымасць не толькі пазнаёміцца з каляднымі звычаямі, а і прыняць актыўны ўдзел у калядных святкаваннях. Дзіцячы цэнтр культуры “Расток” 12 студзеня ладзіў арт-вечарок “Калядны разгуляй”.Усім,хто не абыякавы да народных абрадаў, было дзе разгуляцца!
Жарты, песні, гульні так і білі цераз край!
Гасцей сустракалі Гаспадар з Гаспадыняй, якія рыхтавалі куццю – традыцыйную калядную вячэру.
Затым у хату завітаў калядны гурт: Механоша, Каза, Пеўнік, Бусел, Зорканоша, Мядзведзь. Калядоўшчыкі весела спявалі, услаўлялі гаспадароў, жадалі ўсім прысутным шчасця і дабра. Галоўнай у гурце была Козачка, якая запрашала гледачоў гуляць і танцаваць, бо нездарма ж у народзе кажуць: “Хто з Казою патанцуе, таму ў гэтым годзе пашанцуе”.
Самым яскравым момантам свята стаў прыход цыганак з канём. Яны сваволілі, варажылі і кружыліся ў танцах.
Усе прысутныя атрымалі цудоўную магчымасць не толькі пазабавіцца, але і пазнаёміцца з традыцыямі святкавання Каляд.
Свята атрымалася яркім і запамінальным!