Вечарына “Калядны фэст”

16.01.2024

Нездарма ў народзе кажуць: “Прыйшлі Каляды - усе людзі рады!”
Спецыялісты дзяржаўнай установы “Дзіцячы цэнтр культуры” “Расток” г. Маладзечна” рашылі не адступаць ад народных традыцый і запрасілі гасцей на вечарыну “Калядны фэст” у рамках дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы”, якая адбылася на базе цэнтра 12 студзеня 2024 года.
Гаспадар з гаспадыняй гасцінна сустракалі гасцей, жартавалі, ладзілі народныя танцы.
Сяброўкі, якія наведалі гаспадыню, і самі варажылі, і гасцям прапанавалі, так як калядныя вечары лічацца спрыяльнымі для варажбы.
Наведалі свята і цыганкі-ашуканкі. Шмат шуму-тлуму нарабілі, але добра ўсіх развесялілі.
Калядоўшчыкі таксама завіталі ў гэты вечар у хату, ды свае пажаданні казалі багата!
Госці ад артыстаў не адставалі: весела гулялі, прыпеўкі пад гармонік спявалі, на якім, дарэчы, гаспадар цудоўна іграў ды ўсім настрой падымаў!
Самыя актыўныя ўдзельнікі свята атрымалі ў падарунак Калядную Зорачку, створаную рукамі ўмельцаў цэнтра.
Свята атрымалася насычаным і жывым.
У гасцей была магчымасць не толькі пагуляць,павесяліцца,але і пазнаёміцца з традыцыямі святкавання Калядаў на Беларусі!