Фальклорнае свята “На святкі - свае парадкі”

16.01.2024

12 студзеня 2024 года дзверы дзяржаўнай установы “Дзіцячы цэнтр культуры” “Расток”
г. Маладзечна” гасцінна расчыніліся для ўсіх жадаючых пабываць на фальклорным свяце “На святкі - свае парадкі”, а таксама даведацца пра традыцыі святкавання Калядаў на Беларусі.
Як і мае быць на Каляды, усё ішло па даўно заведзенаму парадку: калядны стол з рытуальнымі стравамі, добразычлівыя гаспадары, варожбы, для якіх калядныя вечары самыя спрыяльныя, шматлікія жарты і забавы.
Не абыйшлося і без цыганак, якія завіталі на свята.
Калядоўшчыкі таксама не абмінулі, парожак хаткі пераступілі, усім цудоўны настрой падарылі.
Прыемна пацешылі і парадавалі дзеткі - ўдзельнікі краязнаўчага клуба “Беларуская хатка”: пажаданні гаспадарам казалі, песню спявалі, у калядную гульню з козачкай гулялі.
Госці ад артыстаў не адставалі, актыўны ўдзел у свяце бралі: жартавалі, гулялі, на ўхваце каталіся, прыпеўкі спявалі: адным словам, не ўнывалі!
А, перад тым, як дадому адправіліся, гасцінна пачаставаліся святочнай куццёй: кашай, аладкамі, баранкамі з макам і поліўкай з грыбамі.
Спадзяёмся, што гасцям прыйшліся да смаку не толькі калядныя прысмакі, але і само свята, якое падарыла ўсім цудоўны настрой і веды аб традыцыях святкавання Калядаў на Беларусі.