QR-квэст “Мова родная, мова прыгожая”

19.02.2024

Спецыялісты дзяржаўнай установы “Дзіцячы цэнтр культуры “Расток” г. Маладзечна” заўсёды шукаюць новыя формы работы з навучэнцамі, якія наведваюць клубы і аб’яднанні ўстановы. Так удзельнікам музычна-паэтычнага клуба “Вытокі” быў прапанаваны QR-квэст “Мова родная, мова прыгожая”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.
QR-квэст складаўся з дзесяці заданняў. Дзецям патрэбна было перакласці словы з рускай мовы на беларускую, адгадаць загадкі, знайсці беларускія адпаведнікі рускім назвам посуду, адгадаць казку па малюнку, знайсці пару выявам беларускага арнамента, адгадаць крыжаванку, рашыць філворд, падабраць назвы да элементаў беларускага народнага касцюма, скласці прыказкі і прымаўкі з прапанаваных частак, раставіць правільна літары і адгадаць назвы беларускіх слоў.
Кожнае наступнае заданне адкрывалася толькі пасля таго, як было выканана папярэдняе. QR-квэст атрымаўся займальным і змястоўным.