Народнае гулянне “Масленічны марафон”

14.03.2024

У гэтым годзе з 11 па 17 сакавіка беларусы адзначаюць Масленіцу. У дзіцячым цэнтры культуры “Расток” святкаванні пачаліся народным гуляннем для дзяцей “Масленічны марафон”, якое адбылося 14 сакавіка. Маленькіх гасцей з дзіцячых садкоў №6 і №9 горада Маладзечна і вучняў першых класаў сярэдняй школы №2 горада Маладзечна – удзельнікаў клуба беларускай гульні “Весялінка”, віталі Яна Гаспадыня і казачныя персанажы: Грак, Блін і Кот. Разам яны клікалі Масленіцу. Не абышлося без нечаканасцей. На свята з’явілася Баба Снегавуха, якая не хацела аддаваць ключы Вясны. Але ўсё вырашылася выдатна, дзякуючы забавам і вясёлым гульням. Як водзіцца на Масленіцу, дзеці “выпякалі бліны” у печы, “аб’язджалі коней”, спаборнічалі ў перацягванні каната, танцавалі і вадзілі карагоды, а потым частаваліся смачнымі блінамі. Напрыканцы свята ўсе ўдзельнікі сабраліся ў адзін вялікі карагод, каб сімвалічна спаліць масленічнае пудзіла, якое ўвасабляла ў сабе стары год, зло, холад і ўсё дрэннае. Народнае гулянне прайшло шумна, смачна і весела.