Тэатралізаваныя святы “Казачная вандроўка”

25.04.2024

Казкі любяць усе на свеце – і дарослыя, і дзеці. У гэтым упэўніліся спецыялісты дзіцячага цэнтра культуры “Расток”, калі 24 красавіка распачалі шэраг тэатралізаваных святаў пад назвай “Казачная вандроўка” для выхаванцаў клуба беларускай гульні “Весялінка”. Маленькія ўдзельнікі адгадвалі па ілюстрацыях назвы беларускіх народных казак, пазнаёміліся з рознымі іх відамі, з задавальненнем паглядзелі мультыплікацыйны фільм “Піліпка” паводле беларускай народнай казкі. Але самае цікавае для малых – гэта ўдзел у інсцэніроўках беларускіх народных казак “Як гукнеш – так і адгукнецца” і “За каня – брусок”. Дзеці самі выконвалі ролі казачных персанажаў: Мухі, Лісы, Ваўка, Паляўнічага, Бабы, Дзеда, Казы і іншых. Гэта дазволіла ім адчуць сябе сапраўднымі артыстамі і атрымаць шмат станоўчых эмоцый.