ХІІ адкрыты дзіцячы фестываль беларускай творчасці “Скарбы роднага краю”

28.05.2024

26 мая дзіцячы цэнтр культуры “Расток” у чарговы раз сабраў гасцей на ХІІ адкрыты дзіцячы фестываль беларускай творчасці “Скарбы роднага краю”, прысвечаны Году якасці. Паказаць сваё майстэрства і выказаць любоў да беларускай народнай спадчыны прыехалі таленавітыя выканаўцы з горада Мінска, Мінскага раёна, Мінскай (Барысаў, Вілейка, Нясвіж, Маладзечна, а.г. Лашаны, а.г. Стешыцы, а.г. Аляхновічы, а.г. Беразінскае, в. Гранічы), Гомельскай (Лельчыцы), Гродзенскай (Смаргонь) абласцей.
Цудоўнае надвор’е, узнёслы настрой і адданасць народным традыцыям спрыялі правядзенню свята. Гледачы мелі магчымасць паслухаць мілагучныя беларускія вершы, атрымаць асалоду ад народных песень і танцаў. Ад гучання непаўторнага і каларытнага ўзорнага ансамбля гарманістаў “Аношкаўскія музыкі” з Нясвіжскага раёна ногі самі прасіліся ў пляс.
Падчас фестывалю кожны мог знайсці сабе справу па душы. На пляцоўцы “Беларуская майстэрня” госці знаёміліся з вырабамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва, прымалі ўдзел у шматлікіх творчых майстар-класах. На пляцоўцы “Родныя ўзоры” былі прадстаўнены маляванкі беларускіх краявідаў і народнага арнаменту, дзе кожны мог праявіць свае мастацкія здольнасці. Разгадаць беларускую крыжаванку, пагуляць у стылізаваныя народныя гульні была магчымасць на пляцоўцы “Інтэрактыўная”. Па жаданню можна было стварыць традыцыйнае ўпрыгожванне сваімі рукамі на памяць аб свяце. Быў арганізаваны фэйс-АРТ, на якім удзельнікаў і гасцей свята ўпрыгожвалі маляванымі беларускімі выявамі. Акрамя таго, ўсе жадаючыя маглі прыняць удзел у стварэнні народнага беларускага ўзора з каляровых стужак ў тэхніцы “габелен”. Усе ўдзельнікі фестывалю былі ўзнагароджаны дыпломамі і сувенірнымі буслікамі - сімвалам Беларусі.
Свята атрымалася жывым і багатым, таму што кожны з удзельнікаў унёс у яго правядзенне часцінку сваёй душы і творчасці!