Свята «У добрым родзе – усе ў згодзе»

10.12.2024

Удзельнікі краязнаўчага клуба «Беларуская хатка» дзіцячага цэнтра культуры «Расток» распачалі ладзіць шэраг святаў пад назвай «У добрым родзе – усе ў згодзе», дзе аднавілі абрад «уваходзіны», па- сучаснаму, наваселле.
Першай у госці завітала бабуля. Яна падарыла гаспадарам Святы Абразок у чырвоны куток, бо, як кажуць: «Без Бога – ні да парога»; свянцоны хлеб і соль; жыта, каб сям'я была ўся сыта, не зводзіўся хлеб на стале, а скацінка ў хляве.
Маці-хросная прыйшла з кошкай, каб у новую хату кошка першай пралажыла дарожку.
Госці таксама прыйшлі ў новую хату не з пустымі рукамі, а з падарункамі: збанок з мёдам – на салодкае жыццё; паленцы з бярозы, каб не страшны былі марозы; торбачка з гарохам, каб разжываліся патроху. Завіталі і родныя браткі ў хату. У аднаго была нават качарга, каб не балела нага, не лянілася, танцавала ды весялілася.
Пасля такога пажадання госці сталі пець, жартаваць і танцаваць.
Усе прысутныя з задавальненнем пагулялі ў народную беларускую гульню «Падушачка».
Свята адбылося не толькі жывым і вясёлым, але і пазнавальным.

поделиться в: