Фальклорнае свята “Толькі раз у гадок - на Калядны вечарок”

15.01.2025
Прадаўжаюцца калядныя святкаванні. 14 студзеня ў дзіцячым цэнтры культуры “Расток” адбылося фальклорнае свята “Толькі раз у гадок - на Калядны вечарок”. У жыхароў горада была цудоўная магчымасць пазнаёміцца з каляднымі звычаямі і прыняць актыўны ўдзел у традыцыйных гульнях, абрадах і забавах. А жадаючых было шмат. Гасцей сустракалі Гаспадар з Гаспадыняй, якія рыхтавалі святочны стол, распавядалі пра традыцыі, спявалі прыпеўкі і ладзілі народныя танцы. Затым прыйшлі дзяўчаты, каб, як водзіцца ў калядныя вечары, паваражыць і даведацца пра сваю будучыню. З вясёлай песняй у хату завіталі Калядоўшчыкі: Зорканоша, Механоша, Каза, Пеўнік, Бусел, Мядзведзь. Калядоўшчыкі весела спявалі, услаўлялі гаспадароў, жадалі ўсім прысутным шчасця і дабра. Галоўнай у гурце была Козачка, якая запрашала гледачоў гуляць і танцаваць, бо нездарма ж у народзе кажуць: “Хто з Казою патанцуе, таму ў гэтым годзе пашанцуе”. Напрыканцы свята наведалі Цыганкі. Яны сваволілі, варажылі і кружыліся ў танцах.Свята атрымалася змястоўным, вясёлым і мнагалюдным.
 
поделиться в: