Тэатралізаванае свята “Вялікдзень шчыруе – кулічом ды яйком частуе”

25.04.2025

Вялікдзень, напэўна, самае светлае і радаснае веснавое свята, якое адзначаюць у гонар уваскрашэння Ісуса Хрыста і перамогі Жыцця, адраджэння і аднаўлення прыроды, думак і помыслаў.
“Вялікдзень шчыруе – кулічом ды яйком частуе”. Так называліся тэатралізаваныя святы, якія на працягу тыдня ладзілі спецыялісты дзіцячага цэнтра культуры “Расток” ва ўстановах адукацыі: сярэдняй школе №2, гімназіі №3, сярэдніх школах № 5 і №11. Удзельнікамі сталі выхаванцы клуба беларускай гульні “Весялінка”, у якіх была выдатная магчымасць пазнаёміцца з традыцыямі святкавання Вялікадня, абрадавымі стравамі і дзеяннямі. Як водзіцца, дзеля добрага здароўя дзеці мылі тварыкі вадой, у якую апускалі свянцонае яйко. А яшчэ тым яйком качалі па шчочках, каб яны ружовенькія былі і прыгожыя. Не абышлося без жачак і валачобнікаў, якія заходзілі ў хату са шчырымі віншаваннямі і святочнымі песнямі. Затым усе з задавальненнем прымалі ўдзел у тадыцыйных велікодных забавах і гульнях: “у біткі”, “яйко пад шапкай”, качанне яек з горкі і іншых. Святы атрымаліся змястоўнымі і багатымі на станоўчыя эмоцыі. 

поделиться в: