Фальклорная сустрэча “Традыцыі паважаем – сяброў збіраем”

13.05.2025

Мы – беларусы, таму кожнаму з нас патрэбна ведаць і шанаваць сваю родную мову, народныя святы, паважаць традыцыі, абрады, песні і гульні.
13 мая спецыялісты дзіцячага цэнтра культуры “Расток” запрасілі ў госці навучэнцаў установы адукацыі “Маладзечанскі дзяржаўны каледж” на фальклорную сустрэчу “Традыцыі паважаем – сяброў збіраем”. На парозе гасцей віталі песняй. Каб быць шчаслівымі, па беларускай традыцыі ўсіх запрасілі прайсці пад ручніком на фальклорную забаўляльную праграму, дзе вядучая прапанавала суаднесці выявы народных святаў з адпаведнай парой года. Госці даведаліся аб традыцыях святкавання Каляд, Масленіцы, Купалля, ахінуліся ў атмасферу Пакроўскага кірмаша. Яны з задавальненнем прымалі ўдзел ў забавах Калядоўшчыкаў: пагулялі з Казой, стварылі шумавы аркестр з Мядзведзем, а пасля варажбы Цыганкі яшчэ станцавалі “цыганачку”. Затым “выпякалі” бліны ў печы, рабілі з іх “выцінанку”, спявалі беларускую народную песню “Купалінка”. Каб засцерагчыся ад усяго дрэннага прайшлі праз магічнае купальскае Кола. Навучэнцы пазнаёміліся з кірмашовымі традыцыямі, вывучылі народныя танцы “Нарэчанька” і “Кракавяк”, пагулялі ў беларускую народную гульню “Явар”. Сустрэча атрымалася цёплай, вясёлай і змястоўнай. Спадзяёмся, што яна прынесла прысутным шмат станоўчых эмоцый.

поделиться в: