ХІІІ адкрыты дзіцячы фестываль беларускай творчасці “Скарбы роднага краю”
26.05.202524 мая дзіцячы цэнтр культуры “Расток” ладзіў сапраўднае маляўнічае і разнажанравае свята – ХІІІ адкрыты дзіцячы фестываль беларускай творчасці “Скарбы роднага краю”. Стала добрай традыцыяй, што ў апошнія майскія дні “Расток” збірае ўсіх, хто любіць беларускую мову, шануе і паважае свае традыцыі, мае цікавасць да беларускіх танцаў, песень, жартаў.
Каб паказаць сваё майстэрства, у гэты раз да нас з’ехаліся творчыя калектывы і асобныя выканаўцы з горада Мінска і Мінскага раёна, Мінскай, Гродзенскай, Віцебскай абласцей. Гэта ўдзельнікі з Барысава, Вілейкі, Мар’інай Горкі, Клецка, Сянно, Ісерна, Смаргоні, Дукоры, Любушан, Стешыц, Вішняўца, Турэц-Баяр, Аляхновіч і, канечне, з Маладзечна. Упершыню за 13 гадоў існавання фестываль праходзіў у памяшканні, таму што падвяло надвор’е: холад і дождж не спрыялі вулічнаму святу.
Пачынаючы з 2012 года, фестываль заўсёды праходзіў на адкрытай пляцоўцы, што надавала яму асаблівы каларыт. Але на тое ён і трынадцаты, каб быць не падобным на іншыя! Тым не менш, спецыялісты зрабілі ўсё магчымае, каб фестываль быў насычаным, шырокім, мнагажанравым і цікавым. І гэта выдатна атрымалася. Фестываль пачаўся, як заўсёды, шэсцем удзельнікаў, затым прадоўжыўся выступленнем таленавітых юных выканаўцаў. А яшчэ можна было наведаць майстар-класы па выцінанцы, вырабу птушачак з фетру, заняцца мегамаляванкай, упрыгожыць сябе беларускім узорам на фэйс-арце. На выстаўцы была магчымасць пазнаёміцца з вырабамі традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, прадстаўленымі юнымі і дарослымі гасцямі фестывалю, дзейнічала стылізаваная фотазона, былі прапанаваны розныя гульні і забавы.
Вельмі прыемна, што па заканчэнні фестываля мы атрымалі шмат станоўчых водгукаў ад удзельнікаў, кіраўнікоў і бацькоў. Яны ўсе адзначалі шчырую сяброўскую падтрымку, а не канкурэнцыю, выдатны вопыт, новыя знаёмствы і ўражанні для дзяцей, яркія эмоцыі для ўсіх гасцей, а гэта якраз і стварала добразычлівую творчую атмасфету свята.