Інтэрактыўнае вулічнае свята “Калядныя забавы”
29.12.2025Беларускія традыцыі святкавання Каляд прайшлі праз стагоддзі, захаваўшыся да нашых дзён, і на сённяшні дзень яны развіваюцца і ўзбагачаюцца. 26 снежня спецыялісты дзіцячага цэнтра культуры “Расток” завіталі ў аздараўленчы цэнтр “Алеся”, дзе ладзілі інтэрактыўнае вулічнае свята “Калядныя забавы”. Гаспадар і Гаспадыня разам з гасцямі свята сустракалі калядоўшчыкаў, якія весялілі прысутных. Удзельнікі каляднага гурта спявалі песні, жадалі здароўя, моцы і дабрабыту, ладзілі гульні з Казой, Мядзведзем, Буслом і Пеўнем, вадзілі карагоды. На свята прыйшоў калядны жартаўлівы Доктар, каб “палячыць” Казу ды даць добрыя парады людзям. А Гаспадар запрасіў усіх на Кані пакатацца, каб на наступны год здароўя набрацца. Затым завіталі Цыганкі, каб зладзіць традыцыйныя варожбы і запрасіць да танцаў усіх гасцей. Свята атрымалася не толькі традыцыйным, але яшчэ вясёлым, шумным і багатым на станоўчыя эмоцыі.
