Фальклорная сустрэча “Каляды ідуць - радасць і шчасце нясуць”

14.01.2026

Каляды - адно з самых любімых святаў беларусаў, багатае на народныя традыцыі і абрады.
12 студзеня ў жыхароў горада Маладзечна, якіх не спужаў ні снег, ні мароз, была цудоўная магчымасць прыняць актыўны ўдзел у калядных святкаваннях, завітаўшы у дзіцячы цэнтр культуры “Расток” на фальклорную сустрэчу “Каляды ідуць - радасць і шчасце нясуць”.
Добразычлівыя Гаспадар з Гаспадыняй сустракалі гасцей, жартавалі, вырашалі дамашнія справы, рыхтаваліся да свята. Хутка завітаў калядны гурт: Механоша, Каза, Пеўнік, Бусел, Зорканоша, Мядзведзь. Калядоўшчыкі весела спявалі, услаўлялі гаспадароў, жадалі ўсім прысутным шчасця і дабра. Галоўнай у гурце была Козачка, якая запрашала гледачоў гуляць і танцаваць, бо нездарма ж у народзе кажуць: “Хто з Казою патанцуе, таму ў гэтым годзе пашанцуе”.
Яскравым момантам свята стаў прыход Цыганак, якія сваволілі, варажылі і кружыліся ў танцах.
Усе прысутныя атрымалі цудоўную магчымасць не толькі пазабавіцца, але і пазнаёміцца з традыцыямі святкавання Каляд.
Свята атрымалася яркім і запамінальным!

поделиться в: