“Вясну гукаем – весела гуляем” - фальклорная замалёўка
12.03.2026Няма нікога і нічога жывога на Зямлі, што б не імкнулася да святла і цяпла. Гаспадарчая неабходнасць застаўляла нашых продкаў-землядзельцаў своечасова рыхтавацца да пачатку палявых работ, уважліва прыглядацца да змены надвор’я і наступлення цёплых веснавых дзянёчкаў. Ад гэтага залежыў будучы ўраджай, таму клікаць – “гукаць” – вясну было добрай традыцыяй.
11 сакавіка спецыялісты дзіцячага цэнтра культуры “Расток” завіталі ў інтэрнат маладзечанскага дзяржаўнага каледжа з фальклорнай замалёўкай “Вясну гукаем – весела гуляем”, каб пазнаёміць моладзь з маляўнічым веснавым святам.Усе дзеі гэтага старажытнага абрада былі накіраваны на абуджэнне зямлі, набліжэнне цяпла і ўшанаванне птушак, якія “прыносяць вясну на крылах”.
Дзяўчаты з задавальненнем упрыгожвалі папяровымі птушачкамі і каляровымі стужкамі дрэвы, спявалі песні-заклічкі, падкідалі на абрусе галёпы – печыва ў выглядзе птушак, гулялі ў гульні і вадзілі традыцыйныя карагоды, абуджаючы зямлю і запрашаючы хутчэй прыйсці вясну з сонейкам і цяплом.
Свята нікога не пакінула раўнадушным і дазволіла далучыць моладзь да народных беларускіх традыцый.
