"Вялікае свята - Вялікдзень" - фальклорныя святы
18.04.2026"Вялікае свята - Вялікдзень". Так называліся фальклорныя святы, якія ладзілі спецыялісты дзіцячага цэнтра культуры "Расток" ва ўстановах адукацыі. Гэта сапраўды самае светлае і радаснае свята ў гонар уваскрашэння Ісуса Хрыста і перамогі Жыцця, адраджэння і ўзнаўлення прыроды, думак і помыслаў. Удзельнікамі свята сталі выхаванцы краязнаўчага клуба "Беларуская хатка". Разам з Гаспадыняй і дзяўчынкай Аленкай яны накрывалі на стол, частаваліся свянцонкай. Па традыцыі дзеля добрага здароўя мылі тварыкі вадой, у якую апускалі свянцонае яйко. А яшчэ тым яйком качалі па шчочках, каб яны ружовенькія былі і прыгожыя. Як водзіцца, дзверы ў хату не зачыняліся ад гасцей: дзяўчат, што прыйшлі ў жачкі, ды валачобнікаў. Госці казалі Гаспадыні найлепшыя пажаданні і спявалі велікодныя песні. Не абышлося без традыцыйных гульняў: "у біткі", "яйко пад шапкай" качанне яек з горкі. Усе ўдзельнікі не толькі даведаліся аб традыцыях святкавання Вялікадня, але і атрымалі шмат станоўчых эмоцый.
