XIV адкрыты дзіцячы фестываль беларускай творчасці «Скарбы роднага краю»

26.05.2026

24 мая ў дзіцячым цэнтры культуры «Расток» прайшоў XIV адкрыты дзіцячы фестываль беларускай творчасці «Скарбы роднага краю», які сабраў пад сваім крылом тых, хто шануе і любіць беларускае слова, песню і танец, паважае працу беларускіх майстроў-умельцаў – усё тое, што з’яўляецца сапраўдным скарбам нашай краіны. Хочацца адзначыць, што з кожным годам фестываль набывае папулярнасць і пашырае свае межы. Каб падзяліцца сваёй творчасцю і выказаць любоў да роднай спадчыны, у гэтым годзе сюды з’ехаліся таленавітыя юныя выканаўцы і майстры з усёй Беларусі. Гэта выканаўцы з Брэсцкай (Пінск), Віцебскай (Віцебск і Орша), Гомельскай (Светлагорск), Гродзенскай (Ашмяны, Смаргонь, а.г. Валеўка, Міхалішкі), Магілёўскай (Магілёў і Бабруйск); горада Мінска і Мінскай вобласці (Слуцк, Чэрвень, Дзяржынск, Ракаў, Вілейкі, Клецк , а.г. Морач, Маладзечна, Турэц-Баяры).
Узнёслы настрой, адданасць народным традыцыям, прыгожае месца правядзення свята спрыялі стварэнню адпаведнай атмасферы. Фестываль пачаўся маляўнічым шэсцем усіх удзельнікаў, тэатралізаваным адкрыццём і прадоўжыўся вялікай мнагажанравай канцэртнай праграмай.
Арганізатары пастараліся, каб кожны мог знайсці сабе занятак па душы. Тут можна было заняцца мегамаляванкай у нацыянальным каларыце, упрыгожыць сябе беларускім узорам на фэйс-арце, разгадаць тэматычную крыжаванку, зрабіць шмат прыгожых фотаздымкаў на памяць аб нашым свяце. Вялікую цікавасць у дзяцей і дарослых выклікалі гульні і забавы на пляцоўны «Інтэрактыўная».
Асаблівая атмасфера панавала на лакацыі «Беларуская майстэрня», дзе прысутныя не толькі знаёміліся з вырабамі з саломкі і дрэва, вышыванкамі і іншымі работамі юных майстроў, але маглі паназіраць, як лоўка, напрыклад, валодаюць сякерамі хлопцы з Клецка. А яшчэ паўдзельнічаць у разнастайных майстар-класах па дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Дзякуючы гэтаму, кожны ўдзельнік змог пакінуць часцінку сваёй працы, зрабіўшы прыгожую папаяровую кветачку. З гэтых кветачак атрымаўся вялікі букет-кветка – рукатворны скарб нашага фестывалю – шматлюднага, прыгожага і каларытнага. Нават часовы дождж з навальніцай не сапсаваў ні добрага настрою, ні маляўнічай атмасферы свята.

поделиться в: