Творчая прастора для дзяцей і падлеткаў «Беларускі АРТ-куток»
17.06.2026Ужо стала добрай традыцыяй, што ў рамках Нацыянальнага фестываля беларускай песні і паэзіі, які штогод праходзіць у Маладзечне, спецыялісты дзіцячага цэнтра культуры «Расток» арганізуюць работу творчай прасторы для дзяцей і падлеткаў «Беларускі АРТ-куток». Не стаў выключэннем і юбілейны XXV фестываль.
12 чэрвеня 2026 года ў парку культуры і адпачынку імя Перамогі на творчай прасторы як заўсёды панавала святочная беларуская атмасфера.
Арганізатары пастараліся, каб кожны мог знайсці сабе занятак па душы. Тут можна было паўдзельнічаць у цікавых гульнях, забавах і разнастайных майстар-класах па дэкаратыўна-прыкладной творчасці, праявіць мастацкія здольнасці на мегамаляванцы ў нацыянальным каларыце, упрыгожыць сябе беларускім узорам на фэйс-арце, а яшчэ зрабіць шмат фотаздымкаў на тэматычнай фотазоне.
Цэнтральнае месца творчай прасторы як заўсёды займала сцэна, на якой дзяліліся сваім мастацтвам і любоўю да беларускай культуры юныя выканаўцы з Віцебска, Ашмян, Чэрвеня, Заслаўя, Міхалішак, Альхоўкі, Краснага і, вядома, з Маладзечна. Нават праліўны дождж не спужаў сапраўдных артыстаў. Тут гучалі беларускія песні, вершы і музыка, ствараючы святочны каларыт.
Кожны наведвальнік творчай прасторы атрымаў магчымасць акунуцца ў нацыянальнае асяроддзе, пазнаёміцца з традыцыйным мастацтвам і далучыцца да багатай беларускай культуры.
