Народнае гулянне “Купала-fest” у санаторыі “Сасновы бор”
07.07.2026Купалле – адно з найбольш магічных і яскравых святаў, якое шырока адзначаецца ў народзе. 5 ліпеня спецыялісты дзіцячага цэнтра культуры “Расток” ладзілі народнае гулянне “Купала-fest” у санаторыі “Сасновы бор”, што ля Радашковіч.
Народны вакальны калектыў “Талака” першы вітаў і віншаваў гасцей цудоўнымі песнямі. Вялікую цікавасць у прысутных выклікала абрадава-тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам Купалінкі, Купальскага дзядка, Лесуна, Ведзьмы, Чорта, Паганкі з Мухаморкай і Азярніц, якое падрыхтаваў народны жартоўны тэатр “Тары-Бары”. Удзельнікам свята патрэбна было пераадолець шматлікія выпрабаванні і перашкоды, перш чым адшукаць Папараць-кветку.
На свяце прысутнічала Зельніца з вялікім кошыкам зёлак. Яна пазнаёміла гледачоў з іх лекавымі ўласцівасцямі, паваражыла дзяўчатам, узнагародзіла пераможцаў і ўдзельнікаў конкурса на лепшы купальскі вянок. Дарэчы, пасля жадаючыя пускалі на ваду свае вяночкі, каб даведацца пра будучыню. Завяршылася свята традыцыйным купальскім вогнішчам і вялікім карагодам.
