Тэатралізаваная гульнёвая праграма “Хто хоча мову родную знаць, просім у “Расток” завітаць!” у рамках Рэспубліканскай акцыі “Кожную пятніцу – роднае, сваё!”

02.10.2026

У рамках Рэспубліканскай акцыі “Кожную пятніцу – роднае, сваё!” у Дзіцячым цэнтры культуры “Расток” ладзілі тэатралізаваную гульнёвую праграму “Хто хоча мову родную знаць, просім у “Расток” завітаць!”. Удзельнікамі праграмы сталі выхаванцы клубных фарміраванняў фальклорнага накірунку. Тут было шматлюдна і весела.
Гасцей сустракала Спадарыня Мова ў народным строі і з вялікай кнігай у руках. Затым завітала Цётка Ганна з кошыкам традыцыйных народных рэчаў, ладзіла гульні і забаўляла дзяцей. Дзяўчынка Весялінка прынесла вясёлыя загадкі, а яе сяброўка Кацярынка танцавала з прысутнымі беларускі танец.
На шум прыбегла “Мамка” са сваім “геніальным” сыночкам – “Паўлікам-пераросткам”, які па некалькі гадоў сядзеў у кожным класе і не хацеў вучыцца. Калі “Паўлік” ўбачыў, што дзеці выдатна выконваюць усе заданні, то пераканаўся, што навука – вельмі патрэбная рэч. За гэта Спадарыня Мова падаравала яму вялікі падручнік “Беларуская Мова”, каб умеў чытаць, пісаць, па-беларуску размаўляць і традыцыі свае паважаць. Акрамя станоўчых эмоцый, юныя ўдзельнікі свята атрымалі магчымасць дакрануцца да беларускай культуры, што дапамагае ў выхаванні пачуцця патрыятызму і любові да роднай зямлі.

поделиться в: