Фальклорная сустрэча "Беларускія вячоркі"

20.11.2026

Беларускія вячоркі – адна з самых цёплых і самабытных народных традыцый, якая ў даўніну яднала людзей доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі для працы і адпачынку.
Спецыялісты дзіцячага цэнтра культуры “Расток” з 16 па 20 лістапада ладзілі “Беларускія вячоркі” з выхаванцамі музычна-паэтычнага клуба “Вытокі”, каб разам весела бавіць час за працай, песнямі і забавамі.
На свяце было ўсё тое адметнае, што характэрна для традыцыйных Вячорак: народныя песні, прыпеўкі, трапны беларускі гумар і мудраслоўі, вясёлыя народныя гульні. Гаспадыня знаёміла гасцей з цудоўнымі вынікамі ручной беларускай працы – квяцістымі вышыванкамі, глінянымі вырабамі, аздобленымі саломай скарбонкамі і многім іншым. Такія фальклорныя сустрэчы адбыліся ва ўстановах адукацыі горада Маладзечна: гімназіі №3, сярэдняй школе №5, гімназіі №6 і сярэдняй школе №11.
Дзеці з захапленнем далучаліся да святочнай атмасферы, якая панавала вакол, бо жывыя зносіны даюць магчымасць дакрануцца да мінулага і выхоўваць павагу да сваіх традыцый.

Фальклорная сустрэча "Беларускія вячоркі"

поделиться в: